Пасяджэнне раённага метадычнага абўяднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры - Управление по образованию Борисовского районного исполнительного комитета

Пасяджэнне раённага метадычнага абўяднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры

16.02.2020
Пасяджэнне раённага метадычнага абўяднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры

8 лютага 2020 года на базе Дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 9 г.Барысава” прайшло пасяджэнне настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры патэме “Актыўныя формы і метады навучання як сродак фарміравання прадметных кампетэнцый”.

Мэтай пасяджэння было павышэнне прафесійнага майстэрства педагогаў па пытаннях фарміравання прадметных кампетэнцый у вучняў. Формай правядзення было абрана перавёрнутае пасяджэнне.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Бальшакова Л.Г. пазнаёміла з шматгадовай гісторыяй школы, якая існуе з 1948 года. У школе працуе 55 педагогаў, вучыцца 520 дзяцей. Гонар школы – музей палка Нармандыя-Неман, які адчыніў свае дзверы ў 1967 годзе. У 2014 годзе музей ушанаваны званнем “Народны”. Далей Людміла Генрыхаўна расказала пра напрамкі работы школы, падрабязна спынілася на рабоце МА настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа № 9 г.Барысава”.

Буднік М.Э. расказала пра перспектыўную тэхналогію навучання –перавернутае навучанне —тэхналогію, для якой характэрная прынцыпова іншая, чым у традыцыйнай практыцы, арганізацыя дзейнасці настаўніка і вучняў. Далей Марына Эдуардаўна распавяла пра адрозненне традыцыйнага і перавернутага ўрока, прапанавала гласарый і спіс інтэрнэт-рэсурсаў па дадзенай тэме.

Рутко Н.У. пазнаёміла прысутных з паняццем “інтэрбук”– інтэрактыўная прэзентацыя на зададзеную тэму, якая можа выконвацца і папаўняцца адначасова некалькімі групамі.

Далей прысутныя падзяліліся на 6 груп: аналітыкі, тэарэтыкі, навукоўцы, практыкі 1, практыкі 2, практыкі 3. І, як і на перавёрнутым уроку, “вывучыўшы тэорыю дома”, настаўнікі ў класе атрымалі розныя заданні па стварэнню і напаўненню інтэрбука рознай карыснай інфармацыяй.

Група аналітыкаў атрымала заданне расказаць пра актуальнасць, станоўчыя і адмоўныя бакі выкарыстання актыўных форм навучання. Тэарэтыкам было прапанавана заданне расказаць пра актыўныя метады навучання. Група “Навукоўцы” паглыблялася ў сутнасць прадметных кампетэнцый. Тры групы практыкаў атрымалі заданне расказаць і паказаць, як працуюць метады актыўнага навучання на розных этапах урока.

Кожная група вынікі сваёй работы размясціла ў інтэрбук, а затым прэзентавала свае напрацоўкі.

Напрыканцы пасяджэння метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Кратовіч Н.А. расказала аб выніках вывучэння стану выкладання вучэбнага прадмета “Беларуская мова”, а кіраўнік РМА Паўлава Ю.С. прааналізавала вынікі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”, дала рэкамендацыі педагогам, падвяла вынікі пасяджэння.

У інтэрактыўным галасаванні прысутныя настаўнікі адзначылі, што будуць актыўна выкарыстоўваць актыўныя метады навучання і паспрабуюць “перакуліць” свае ўрокі.

Версия сайта для слабовидящих