10 красавіка 2018 года на базе Дяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа №10 г.Барысава” адбылося чарговае пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры па тэме “Удасканальваннне якасці адукацыі праз рэалізацыю кампетэнтнаснага падыходу на ўроках беларускай мовы і літаратуры, у пазакласнай рабоце”. Мэтай пасяджэння было стварэнне ўмоў для павышэння прафесійнага майстэрства педагогаў праз вывучэнне тэарэтычных і практычных асноў кампетэнтнаснага падыходу ў навучанні беларускай мове і літаратуры, у пазакласнай рабоце.
Мерапрыемства адкрыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Іпацьева В.Ф., якая пазнаёміла з асноўнымі напрамкамі работы ўстановы адукацыі, прэзентавала дзейнасць раённага рэсурснага цэнтра “Выхаванне на аснове традыцый і культуры беларускага народа”.
Настаўнік Мельнік І.А. правяла матадычны дыялог пад назвай “Кампетэнцыі для вучня — гэта вобраз яго будучыні”, падчас якога пазнаёміла прысутных са структурай кампетэнтнаснага падыхода, наменклатурай ключавых кампетэнцый вучняў. Ірына Анатольеўна адзначыла, што сёння грамадства развіваецца паскоранымі тэмпамі і канкурэнтаздольнасць на рынку працы шмат у чым залежыць ад здольнасці чалавека набываць і развіваць уменні, навыкі, якія могуць выкарыстоўвацца або трансфармавацца ў дачыненні да цэлага шэрагу жыццёвых сітуацый. Настаўнік павінен рыхтаваць вучняў да жыцця, выхоўваць у іх гатоўнасць да пераменаў, развіваць мабільнасць, канструктыўнасць, уменне вучыцца.
Потым настаўнікі, працуючы у групах, стваралі праекты ўрокаў беларускай мовы і літаратуры ў залежнасці ад пастаўленых мэт і абаранялі свае напрацоўкі.
Пасля вучэбна-метадычнага блока настаўнік Гаўрусева Н.С. запрасіла гасцей на справаздачу творчай групы па праекце “Хрыстос уваскрос! Ён дзесь між намі…”, якая прысвячалася святкаванню Вялікадня. Вучні расказвалі пра вытокі свята, знаёмілі з традыцыйнымі абрадамі і гульнямі, значэннем сімвалаў, пранікнёна чыталі вершы. Гучалі беларускія цымбалы і гармонік. Фальклорны гурт спяваў валачобныя песні, віншуючы вучняў і настаўнікаў са святам.
Пасля падвядзенны вынікаў мерапрыемства ўсе ўдзельнікі семінара атрымалі памятныя падарункі, створаныя вучнямі школы.